|
|
|
|
Св. Паўла "выключна пасвяціўся Слову, сведчачы Юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос" (Дзеян. 18:5). Апостал быў настолькі аддадзены Хрысту, што вывучаў Слова і прапаведаваў Ісуса кожны дзень, нават знаходзячыся ў вязніцы. Праз штодзённае вывучэнне Пісання Паўла не імкнуўся спасцігнуць нейкія рэлігійныя правілы, якіх трэба трымацца, але выкарыстоўваў жывое Слова Божае як спажыву для душы. Св. Паўла ведаў: Слова дало яму новае жыццё ў Хрысце, і яно заўжды будзе падтрымліваць і ўмацоўваць яго. ДОБРАЯ ВЕСТКА ДЛЯ ВАС! Жывое Слова Божае - гэта добрая вестка для вас. Слова Божае - не нейкі збор цяжкавыканальных рэлігійных правілаў. Яно - жывое, бо з'яўляецца Словам Самога Бога - Бога, Які ёсць жывы і стварае жыццё. Пісанне вучыць, што ўсе людзі "мёртвыя праступкамі і грахамі" сваімі (Эф. 2:1; Кал. 2:13), але ў Хрысце Бог "ажывіў" нас (Кал. 2:13). І як напачатку Бог стварыў жыццё Словам Сваім, дык цяпер Ён такім самым чынам прыносіць новае жыццё тым, хто духоўна памёр. Апостал Пётра піша, што вернікі - "адроджаныя не з марнеючага насення, але з незнішчальнага праз Слова Божае, жывое і трывалае" (1 Пётр. 1:23). Бог ажыўляе нас Сваім жывым Словам, і гэтае жывое Слова працягвае дзейнічаць у нас, несучы нам дабраславенні. Выразна і пераканаўча св. Паўла тлумачыць фесаланікійскім хрысціянам, што жывое Слова Божае сапраўды дзейнічае ў верніках! "Дзеля гэтага і мы несупынна дзякуем, што вы, прыняўшы ад нас пачутае Слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, а (як яно ёсць папраўдзе) Слова Божае, якое і ДЗЕЕ Ў ВАС, веруючых" (1 Фес. 2:13). Якуб кажа, што насенне жывога Слова Божага "насаджанае" ў сэрцах вернікаў (Як. 1:21). Калі вы не хрысціянін, але жадаеце пазнаць Бога, або калі вы веруючы і прагнеце ўмацавацца ў веры Хрыстовай, жывіцеся гэтай нябеснай маннаю - жывым Словам Божым, што стварае жыццё і змяняе яго. Апостал Пётра піша: "Як нованароджаныя дзеткі, палюбіце чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасці вам на збаўленне" (1 Пётр. 2:2). "Здабыты словы Твае, і я з'еў іх, - кажа прарок Ярэмія, - і было слова Тваё мне на радасць і на злагаду сэрца майго" (Ярэм. 15:16). Псальміст кажа, што кожны, хто сілкуецца Божым Словам, будзе "быццам пасаджанае ля патоку воднага дзерава" (Пс. 1:3). ШТОДЗЁННЫ БАНКЕТ ДЛЯ ВАШАЙ ДУШЫ Гэты выпуск ДОБРАЙ ВЕСТКІ дапаможа вам лепей зразумець многія дабраславенні, якія Бог хоча даць вам праз Яго жывое Слова. Дух Божы робіць вас здольнымі спасцігаць значэнне таго, што Слова Божае ёсць "жывое і дзеючае", і таму моц і дзеянне гэтага самага жывога Слова будуць станавіцца для вас усё больш і больш яснейшымі. Разуменне і ўспрыманне жывога Слова Божага ўносяць мір і вялікую радасць у жыццё чалавека. Ад жывога Слова мы "ўзрастаем на збаўленне" (1 Пётр. 2:2). Дык казані і біблейскія ўрокі, што грунтуюцца на Бібліі, больш не будуць нуднымі, але стануць як святы ці банкеты для вашай згаладалай душы. Праз моц і працу жывога Слова ваша жыццё будзе прыпадабняцца да жыцця Марыі, якая больш за ўсё на свеце хацела слухаць словы Ісуса (Лук. 10:38-42). СЛОВА ЗАКОНУ І СЛОВА ЕВАНГЕЛЛЯ Св. Паўла, здзяйсняючы служэнне жывога Слова сярод сваіх братоў па веры, пастаянна дбаў пра чысціню Слова, якое ён абвяшчаў. Пра гэта мы павінны дбаць і сёння. Трэба разумець, што жывое Божае Слова змяшчае як слова Закону, так і слова Евангелля. Блытаць іх нельга. Слова Закону забівае, а слова Евангелля ажыўляе (2 Кар. 3:6). Калі гэтыя два біблейскія вучэнні змешваюцца між сабою, тады ў чыстую навуку аб тым, што Бог літасціва зрабіў для нас у Ісусе Хрысце, уносіцца блытаніна, і нашы сэрцы ахапляе неспакой. Праз змешванне Закону і Евангелля каштоўнае жыватворнае лякарства Евангелля "разбаўляецца" і губляе моц перамагаць хваробу грэху. З другога боку, Закон таксама можна "разбавіць", і тады мы не будзем заўважаць, што з'яўляемся смяротна хворымі і маем патрэбу ў ажыўляльным Евангеллі. Змешванне або блытанне Закону і Евангелля пазбаўляе нас дабраславення, што абяцае нам Бог: "Дык, апраўдаўшыся вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста" (Рым. 5:1). У лістах да першых хрысціянскіх грамадаў св. Паўла неаднаразова заклікаў іх адрозніваць Закон і Евангелле (гл. Гал. 3 і Рым. 7). Слова Евангелля - жывое, дзейснае і жыватворнае, бо стварае веру, што злучае нас з Ісусам Хрыстом, Які Сам ёсць Жыццё. Слова Закону таксама "жывое і дзеючае" (Габр. 4:12), яно дзейсна выкрывае і асуджвае нас у нашым грэху. Аднак, хоць слова Закону і жывое, яно не ажыўляе (Гал. 3:2). Жыццё творыць толькі слова Евангелля (Ян. 6:63)! НАЙВЯЛІКШАЯ БОЖАЯ ВЕСТКА! Цяпер мы атрымліваем найвялікшае Божае дабраславенне. Жывое Слова Божае праз Яго Дух дае нам магчымасць бачыць Ісуса ды злучае нас з Ім - з ЖЫВЫМ І ЎЦЕЛАЎЛЁНЫМ СЛОВАМ БОЖЫМ! У Ісусе "Слова целам сталася" (Ян. 1:14)! Нагэтулькі неверагодным, цудоўным і ўражальным было гэтае ўцелаўленне, што нябёсы расчыніліся "і неспадзеўкі з'явілася з Анёлам вялікае войска нябеснае, славячы Бога" (Лук. 2:13). На жаль, многія ў нашы дні ніколі не зазнавалі радасці ад сустрэчы і блізкасці з Ісусам, Які з'яўляецца ЖЫВЫМ СЛОВАМ. Вельмі часта людзі, што чытаюць Слова ад выпадку да выпадку, не шукаюць у ім нічога большага, чым толькі мінучых рэлігійных парадаў, пачуццёвага ўздыму або натхнення, падобнага да таго, што бывае ад чытання твораў паэтаў. Чытаючы жывое Слова Божае, вывучаючы яго ды разважаючы над ім, мы ўбачым Ісуса, жывое ўцелаўлёнае Слова. Ісус Сам выразна адзначаў, што Пісанне "сведчыць" аб Ім (Ян. 5:39). Калі Ісус пасля Свайго ўваскрэсення ішоў з двума вучнямі па дарозе ў Эмаус, Ён, "пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў выясняў ім усё напісанае аб Ім" (Лук. 24:27). Пазней тым самым вечарам Ісус стануў сярод Сваіх вучняў у святліцы і сказаў: "Павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне ў законе Майсеевым і ў прароках ды псальмах" (Лук. 24:44). НЯХАЙ НОВАЕ РАДАСНАЕ ЖЫЦЦЁ РАСПАЧНЕЦЦА СЁННЯ! Не марудзьце! Чытайце жывое Слова Божае сёння! Злучыцеся з ЖЫВЫМ, АЖЫЎЛЯЛЬНЫМ І ЎЦЕЛАЎЛЁНЫМ СЛОВАМ, ІСУСАМ (Адкр. 19:13)! Калі вы сілаю Духа злучыцеся з Ісусам, жывым Словам Божым, дык зведаеце непамерную веліч магутнасці Божай у вашым жыцці - ТУЮ СІЛУ, ЯКУЮ БОГ УЖЫЎ, КАБ СЫНА СВАЙГО ІСУСА ЎВАСКРЭСІЦЬ З МЁРТВЫХ! (Эф. 1:19-20). Каб азнаёміцца з астатнімі артыкуламі гэтага нумара, а таксама прачытаць іншыя нумары, падпішыся на ДОБРУЮ ВЕСТКУ* |
|